СІНХРАНІЗА́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ,
устанаўленне і падтрыманне рэжыму ваганняў дзвюх ці больш вагальных сістэм, пры якім іх частоты роўныя ці кратныя адна адной. Напр., С.в. адбываецца ў звязанай сістэме з 2 аўтавагальных сістэм з блізкімі частотамі — абедзве сістэмы вагаюцца з аднолькавай частатой.
Аўтагенератары, генератары пераменнага току, сінхронныя рухавікі і інш. нелінейныя сістэмы ў выніку С.в. уваходзяць у сінхронны рэжым і ўстойліва працуюць у межах вызначанай паласы частот, некалькі эл. генератараў могуць працаваць на агульную эл. сетку, некалькі радыёперадатчыкаў — на агульную антэну і інш. На С.в. заснавана работа памнажальнікаў і дзялільнікаў частаты і інш. С.в. выкарыстоўваецца і ў медыцыне, напр., пры парушэннях рытму работы сэрца хворым ужыўляюць электронны сінхранізатар сардэчнага рытму — кардыястымулятар.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)